Прэзентацыю кнігі


2 кастрычніка 2025 года ў 17.00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на прэзентацыю кнігі даследчыка беларускай літаратуры Сяргея Шапрана «Янка Купала і Якуб Колас у профіль і анфас: з гісторыі сяброўскага шаржу». На вядомых нам партрэтах народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, тых партрэтах, якія мы прывыклі бачыць у падручніках і кнігах, пісьменнікі звычайна паказаны сталымі і сур’ёзнымі. Але неаднойчы класікі беларускай літаратуры выступалі героямі сяброўскіх шаржаў. Мастакі Б. Антаноўскі, Берк, Л. Бойка, В. і А. Волкавы, Е. Ганкін, Г. Дакальская, К. Елісееў, І. Ігін, Я. Кашкель, Д. Красільнікаў, Кукрыніксы, М. Малевіч, З. Паўлоўскі, С. Раманаў, Г. Розэ, А. Тарасенкаў прадстаўлялі песняроў жартаўлівымі, смешнымі і па-сяброўску іранічнымі. Такія вобразы пісьменнікаў не знаёмы шырокаму колу прыхільнікаў творчасці паэтаў. Мастакі, многія з якіх былі асабіста знаёмымі ці сябравалі з паэтамі, ілюстравалі іх творы, па-майстэрску перадалі не толькі знешні выгляд пісьменнікаў, але і адлюстравалі іх звычкі, захапленні, паказалі свае глыбокія веды творчай спадчыны пісьменнікаў. Сяброўскі шарж стаў паўнапраўным жанрам выяўленчага мастацтва, але доўгі час заставаўся па-за ўвагай мастацтвазнаўцаў і даследчыкаў літаратуры. Сяргей Шапран прадставіў першае грунтоўнае даследаванне арыгінальнага жанру сяброўскіх замалёвак, раскрываючы перад чытачамі шаржы на Янку Купалу і Якуба Коласа, якія доўгі час у пераважнай большасці заставаліся невядомымі, захоўваючыся ў падшыўках старых газет і часопісах. У новым выданні ўпершыню апавядаецца пра ўсе вядомыя на сёння сяброўскія шаржы на Янку Купалу і Якуба Коласа, якія былі зроблены пераважна пры жыцці класікаў.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

77